- тэксты аб драматургіі
Фота прадастаўленыя гераінней
Пра драматургічную творчасць
Мне было цікава паспрабаваць сябе ў драматургіі яшчэ ў Менску. Я глядзела розныя драматургічныя лабараторыі. Хутчэй з рэжысёрскага пункту гледжання, таму што часам у мяне праблема з пошукам канфлікту альбо з яго выбудоўваннем, мне больш блізкія zero канфліктныя сістэмы.
Гэта мой кірунак: я люблю, калі нічога не адбываецца, у гэтым адчуваю больш сімвалізму.
Цікава было падступіцца да стварэння тэксту, дзе выпісаны канфлікт. Я думала, што мне гэта пэўным чынам дапаможа стаць на новую прыступку ў рэжысуры, потым зноў планавала вярнуцца да бесканфліктнасці. Раней у Менску я шмат працавала з тэкстамі, але больш з рэдактарскага пункту гледжання: на падставе чужога тэксту я магла зрабіць адаптацыю альбо ўсё перапісаць ад пачатку да канца. Цяпер мне хацелася паспрабаваць напісаць п’есу з дыялогамі самастойна, і з’явілася «10 гадзін наўпрост да дому».
Пра тэму эміграцыі ў драматургіі
Парадокс у тым, што я ніколі не хацела рабіць нічога на тэму эміграцыі. Заўсёды пра эміграцыю гучыць нейкі плач: «О, Божа, як сумна». Для мяне неблізкія такія пакуты. Вядома, я разумею, што можа псіхіка такім чынам абараняецца перад болем і ўсімі страшнымі рэчамі. Так сталася, што працуючы ў бары ў Гданьску, я пачула шмат розных гісторый і думак ад гасцей альбо сяброў. Тады я падумала, што вельмі рэдка хтосьці разважае аб тым, што справакавала эміграцыю. Вядома, што некаторыя рэчы ляжаць быццам на падкорцы. Але, напрыклад, амерыканцы не думаюць аб лёсе мексіканцаў. Чаму тыя становяцца эмігрантамі? І я вырашыла напісаць п’есу «10 гадзін наўпрост да дому» пра лёсы трох беларусак, якія апынуліся ў адным месцы ў эміграцыі. Для мяне самой важна было адрэфлексаваць асабіста і ўзгадаць пэўныя моманты, каб пасля адкупорвання, яны маглі аддыхаць.




Пра выбар мовы для п’есы
Неяк я пачала спрачацца з чалавекам у каментарах на гэтую тэму. Мне не падабаецца нацыяналізаванне мовы. Я кажу гэта, як чалавек, які размаўляе па-беларуску сярод людзей, якія часта размаўляюць па-расейску. Ёсць мова ў нашай галаве. Штосьці пішацца па-расейску, штосьці па-польску, штосьці па-беларуску. Гэта датычыць тэкстаў і музычных, і драматычных. Так, п’еса «10 гадзін…» адразу ў мяне гучала беларускай мовай, хаця ў эміграцыі амаль ніхто не размаўляе па-беларуску. Гэта таксама пэўная хлусня. Мне падаецца, п’еса нараджалася на беларускай, бо гэта працавала з пункту гледжання канфлікту і тэмаў. П’есу Niechęć я адразу пісала па-польску, потым рэдактавала і пераклала на расейскую мову. Для мяне гэта абсалютна не тэкст на беларускай. Польская мова больш гукава выразная, у ёй цікава пагуляцца цвёрдымі гукамі, па-другое, яна можа ствараць такі ж безкіслародны сусвет у тэксце, як і расейская.
Пра нацыянальную ідэнтычнасць у творчасці
«Ці лічу я сябе беларускай?», – вось якое можа быць пытанне. Увогуле мне складана навешваць на сябе нейкія ярлыкі. Каб назваць сябе рыжысёркай, я змагалася тры-пяць год. Я не люблю выпячваць пашпартнасць, для мяне гэта зона канфлікта. Вядома я нарадзілася ў Беларусі. Калі глядзець з пункту гледжання дакументу, я не беларуска, у мяне няма пашпарту. Калі глядзець з польскага боку, я беларуска. Калі глядзець, пра што я пішу чарговую п’есу, я беларуская драматургіня. Вельмі шмат ацэнак. Таму пытанне «Што такое беларуская драматургія?» – няпростае для мяне. Невядома, ці ўключаць мае тэксты ў беларускія зборнікі.
Пра тое, якія тэмы зараз блізкія і чаму іх даследуеш у п’есах
Часта думаючы пра сусветнае зло, я разважала, адкуль яно бярэцца. У п’есе «Як пазбавіцца ад сораму, або нелюбоў» мне было цікава стварыць прастору нелюбові і зразумець, ці атрымаецца пераўтварыць яе ў любоў, не дадаючы спецыяльна туды канфліктаў. Мне падаецца, у нелюбові няма канфліктаў, спрэчак. У польскай мове ёсць добрае слова «niechęć» (неахвота) – гэта калі нічога не хочацца, такая абыякавасць, калі ў прасторы нелюбові нічога не расце, там нічога няма. Мне было цікава паразважаць, што далей з гэтага можа быць.
У драме «Echo kamienic» («Эха камяніц») праявілася мая глыбокая любоў да Гданьска, да пра аднаго са старых яго раёнаў. Чытаючы пра мінулае Śląsk (Шлёнск) альбо Pomorze (Паморскае ваяводства), я зразумела, што знаходжу больш спалучэнняў, якія мяне ідэнтыфікуюць, чым гісторыі беларусаў з Падляшша. Канешне, гэта можа быць звязана са мной, як з чалавекам. Для мяне гісторыя Trójmiasta (Труймяста) з’явілася адлюстраваннем таго, што адбывалася і з Беларуссю агулам, і з тым, што я перажывала асабіста. Адразу пасля пераезду я не магла гэтага адрозніць. Калі пачала даследаваць дзе, адкуль, чаму: Рух салідарнасці, пастаянны перадзел тэрыторыі, то адчула ў гэтых землях быццам нічыйнасць. Якую эпоху не возьмеш, ад першых здымкаў Дольняга мяста, пастаянна ідзе вайна, там полк прыходзіць, там сыходзіць, пастаянная барацьба прусаў, немцаў, палякаў за гэтыя землі і спроба гэтага рэгіёна быць нейкім іншым рэгіёнам. Пры гэтым людзі шукаюць свае карані на гэтых адлеглых тэрыторыях, проста хочуць любіць і жыць, а вайна і палітычныя змены ніколі не заканчваюцца.


Пра тэатральна-музычныя праекты паводле беларускага матэрылу
Тут спалучыліся мары, жаданні, звязаныя з маёй недарэалізаванасцю, як музыканткі. Я вэльмі люблю музыку. Адна з крытыкаў, якая была на трох маіх чытаннях, заўважыла «О, ты шмат увагі надаеш музыцы». Гэта спецыфіка майго ўспрымання тэкстаў. Паэзія растраляных паэтаў стала музычным спектаклем «Rozstrzelani» («Растраляныя»). Калі б у мяне было шмат грошаў і неабходныя скілы, беларуская п’еса «Выйду из леса, выну хребет и он будет мне вместо меча» была б візуальнай операй, але з мінімалістычнымі сродкамі атрымаўся альбом з сінгламі і відэакліпамі «Хрыбет». Паводле дзённікаў Анастасіі Рыдлеўскай паўстаў музычна-візуальны перформанс, які мы паказалі ў Гданьску ў Karma Bar і ў Познані ў бары MY. Я злучыла ўспаміны беларускай мастачкі пра падзеі 2020 года ў Беларусі, уласную эміграцыю і сяброў, вайну і дэпрэсію ў паэтычны тэкст, напісала да яго музыку і праспявала-выканала.
Пра прызнанне і конкурснасць
Калі я даведалася, што ўвайшла ў лонг-ліст [конкурса Dramatyzacyja – рэд.], то ўсміхнулася. У мяне велізарныя праблемы з ацэньваннем сябе. Мне падаецца, многія людзі думаюць, што хтосьці зрабіў лепш, чым яны, у іх яшчэ недастаткова. Адна з прычын, чаму я працягваю гэта рабіць: каб заглушаць гэтыя ўнутраныя галасы. Патрэбна крыху часу, каб папросту сказаць сабе: «Класна, ты малойца!».
Мне падаецца, што наяўнасць Конкурсу драматургіі важна. На гэтай падставе можа вырасці штосьці цікавае. Існаванне інстытуцый і конкурснасць спрыяюць з’яўленню новых твораў і праектаў. Такая практыка распаўсюджана ў Польшы. З цягам часу ўзнікне прэстыжнаць для ўдзелу і перамогі.
З якім праектам выйграла Стыпендыю GaudePolonia
Я працавала над Nadberezyńcy Фларыяна Чарнышэвіча. Мікіта Ільінчык параіў мне гэты эпічны раман пра жыццё шляхты над ракой Бярэзінай ў пачатку XX стагоддзя. Калі я размаўляла пра гэтую кніжку з польскай філалагіняй, яна дзівілася: «Божа, якія нудныя кніжкі табе падабаюцца», – а мне сапраўды спадабалася. Я перачытала гэты велізарны раман тры разы, каб зрабіць інсцэнізацыю пра жыццё на памежных тэрыторыях т.зв. Усходніх Крэсаў. Напэўна, мяне кранула слоўная дакументацыя тагачаснага жыцця.

Пра перфарматыўную чытку беларускай п’есы «K*rwa» ў Варшаве
Часы змяніліся, вельмі адчуваецца, як змяняецца этыка ў дачыненні да жаночай тэмы, мовы выказвання, глядацкага ўспрымання.
Калі ў Менску 6 год таму мы рабілі чытанне па гэтаму ж тэксту, то не было такога клопату за гледачоў. Зараз было складана сабе дазволіць ужыванне некаторых абаротаў. Для фем-арт фестывалю ROAR WOMEN гэта п’еса вельмі падыходзіць. Мне было цікава паглядзець з перспектывы часу, як прагучыць такі моцны кантраверсійны тэкст з пункту гледжання сучаснасці. Ёсць шмат файных беларускіх п’ес, але не так шмат людзей іх ведаюць. Мы рабілі перфарматыўнае чытанне з польскімі субтытрамі, бо польскае грамадства зацікаўлена ў беларускай драматургіі, і хацелася паказаць яе своеасаблівасць.
Пра рытуальнасць падчас стварэння п’ес
Я ўжо перайшла ў старэчы рэжым: засынаю раней і прачынаюся а сёмай-восьмай раніцы. Гэта фізічна мне больш пасуе. Калі я пішу, то вельмі люблю рабіць гэта ўначы. Я не ведаю, як людзі робяць штосьці днём, акрамя капіталістычных спраў (смяецца), тыпу папрацаваць, пайсці ў трэнажорную залу, а потым яшчэ займацца творчасцю. Гэта не мой стыль. Я люблю сесці дома, запаліць свячу, уключыць дзіўную музыку. І ў цішыні, калі ніхто не напіша табе, не трэба правяраць телефон і мэйл, пачынаю пісаць. Праўда, мне перашкаджае няўседлівасць, я магу пісаць, потым штосьці узгадаць, пагугліць, але высілкамі вяртаю сябе ў працу. Уначы час успрымаецца па-іншаму. Калі важна штосьці дапісаць, я магу працаваць да самага ранку, тады часам адбываецца пераход у бессэнсоўнае, але потым вяртаюся да асэнсаванага. Часам атрымліваюцца такія своеасаблівыя марафоны.
Пра важныя сэнсы ў творчасці, якія будуць актуальныя ў будучыні
Усё, пра што я думаю і раблю, каб людзі адчувалі надзею і сілы, маглі дамовіцца з сабой, каб у іх было жаданне любові, увогуле, любоў была і прымнажалася, бо без гэтага здараецца тое, што мы бачым зараз.
