У другой палове 2010-х сучасная беларуская драматургія была заўважная за межамі краіны, але амаль нябачная ўнутры яе. WriteBox паўстаў як адказ на гэты разрыў — конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі, які сабраў новыя п’есы, галасы і тэатральныя формы ў адной прасторы. За пяць гадоў ён стаў арыенцірам і архівам эпохі, без якога сёння немагчыма гаварыць пра развіццё беларускай драмы.

Ідэя, якая лунала ў паветры

У сярэдзіне 2010-х беларуская драматургія перажывала парадаксальны стан: яе актыўна абмяркоўвалі за межамі краіны, але ўнутры самой Беларусі пляцовак яна амаль не знаходзіла. Новыя п’есы адпраўляліся на расійскія фестывалі — “Любімаўку”, “Рэмарку”, міжнародныя конкурсы, адзначаліся экспертамі з-за мяжы, ставіліся на сцэнах краін-суседзяў. Унутры Беларусі неставала механізмаў, пры дапамозе якіх драматургі маглі б знайсці чытача, рэжысёра, свайго гледача.

Конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WriteBox узнік менавіта як адказ на гэты недахоп.

Штуршком паслужыў удзел тэатразнаўцы і менеджаркі Вікторыі Беляковай у конкурсе Social Weekend, ідэя якой атрымала падтрымку праекту MaeSens[1]. Так упершыню з’явілася магчымасць аформіць ідэю фестывалю як паўнавартасную ініцыятыву. У выніку асноўная адказнасць лягла менавіта на заснавальніцу WriteBox: пры адсутнасці паўнавартаснай менеджарскай каманды менавіта яна займалася пошукам рэжысёраў і рыдэраў, узаемадзеяннем з імі і кантролем над вынікам.

У 2016 годзе задума набыла ясныя абрысы. WriteBox вызначыў сябе як “кропку зборкі сучаснай беларускай драматургіі” — прастору, дзе тэксты праяўлялі сябе, абмяркоўваліся і траплялі ў рукі рэжысёраў “тут і цяпер”.

WriteBox з самага пачатку быў прыдуманы як двухчастковы праект: спачатку — конкурс п’ес, дзе прафесійная рыдэрская каманда адбірала тэксты; затым — фестываль, які ўключаў сцэнічныя чытанні, абмеркаванні, лекцыі, эксперыменты і сустрэчы з аўтарамі. Гэты дуальны фармат рабіў WriteBox адначасова пляцоўкай развіцця, экспертызы і жывой тэатральнай лабараторыяй. Мэтавай устаноўкай было даць голас беларускім экспертам, а не толькі замежным чытачам — важны момант, які пазней паўплываў на развіццё ўсяго драматургічнага поля.

Структура фестывалю: як працаваў WriteBox

Па структуры фестываль быў гнуткім і “дыхаючым”: намінацыі нараджаліся ў працэсе чытання і абмеркавання, фарміраваліся знутры масіва саміх п’ес. А колькасць дасылаемых тэкстаў расла з кожным годам, і калі ў 2016-м было даслана 28 п’ес, то да 2020-га іх колькасць узрасла да 73, што само па сабе сведчыць аб значнасці фестывалю, аб з’яўленні новых яркіх імёнаў.

Цікава, што калі да 2015 года ў драматургічным полі Беларусі былі вядомыя ў асноўным мужчынскія імёны, пасля з’яўляецца значна больш аўтарак, што змяніла голас і дынаміку беларускага тэатра.

Вядома, асновай усяго быў шорт-ліст, куды ўваходзілі адабраныя рыдэрамі п’есы, напісаныя за год-два да пачатку кожнага фестывалю (напрыклад, у розныя гады ў шорт-ліст уваходзілі сёння ўжо вядомыя п’есы: “З вучылішча” Андрэя Іванова, “Ляцелі арэлі” Канстанціна Сцешыка, “Опіум” Віталя Каралёва, “Усё нармальна” Улады Хмель і інш.).

Але з жадання рыдэраў адзначыць як мага большую колькасць цікавых тэкстаў, звярнуць на іх увагу пастаноўшчыкаў і гледачоў, з’яўляліся і дадатковыя рубрыкі:

  • “Дэбют” — для першых п’ес (Наталля Ярмольчык “Больш цябе не будзе”, 2017);
  • “Тутэйшыя” — тэксты, якія найбольш дакладна адлюстроўваюць лакальны беларускі кантэкст (напрыклад, “Лабрум” Максіма Дасько, 2017);
  • “Адзначаныя” — п’есы, якія не ўвайшлі ў шорт-ліст па балах, але журы лічыла неабходным звярнуць на іх увагу (“Галасы” Аляксея Макейчыка, 2016; “Мастэктамія” Касі Чэкатоўскай, 2018; “Музей (не) вельмі патрэбных рэчаў”, Алёны Іванюшанка);
  • “Вяртанне” — унікальная рубрыка 2017 года для не апублікаваных п’ес мінулых гадоў (“Сонечны круг” Івана Крэпаснога, “Сіртакі” Вольгі Прусак);
  • “П’есы для дзяцей” — эксперыментальная намінацыя 2020 года, якая адкрыла важны прабел у беларускім тэатры. Аказалася, што калі адкінуць п’есы для ранішнікаў, то вартых п’ес для дзяцей вельмі мала (у шорт-ліст увайшлі тры тэксты: “Дзяўчынка, якая шукала мэту” Аляксея Кулакова, “Сорам” Аляксея Макейчыка, “Сляза Волата, або Казка пра цесляра Ганчыка, якому зрабілася сумна” Сяргея Кавалёва).

Важныя п’есы і паваротныя кропкі

Кожны год конкурс-фестываль дапаўняўся новымі эксперыментальнымі фарматамі: ад Сезона курстарства (2019) да аўдыё- і відэачытак (2018).

2016-ы даў старт пакаленню новых тэкстаў. Фестываль заявіў пра сябе яркімі чыткамі: “Кропкі на часовай восі…” Дзмітрыя Багаслаўскага, “Онікс” Максіма Дасько і інш. — тэксты, якія задалі высокую планку дэбютнага сезона. Публіка ўбачыла, што чытка можа быць падзеяй, а не фармальным чытаннем.

У 2017 годзе з’яўляецца больш намінацый, поле пашыраецца, з’яўляюцца тэксты, якія фарміруюць партрэт пакалення: ад сацыяльна-палітычнага “Несмяротнага палка” Аляксандра Бугрова да постіндустрыяльнага “Москаў Дрымін” Віталя Каралёва і філасофскага “Лабрум” Максіма Дасько. WriteBox робіцца прасторай, дзе праз драматургію асэнсоўваецца беларуская ідэнтычнасць.

У 2018 годзе WriteBox увайшоў у прастору “Лабараторыі сацыяльнага тэатра”, і сцэнічныя чытанні збіралі аншлагі. У шорт-лісце — “Аўгуст-6” Андрэя Іванова, “…І лісце вернуцца да каранёў” Аляксандра Савухі, “Шкура” Алёны Іванюшанкі, “Абжываючы бетон” Аляксея Макейчыка, “Саманаводны Бог” Канстанціна Сцешыка. З’явіліся новыя формы: відэачытка “Абжываючы бетон” у рэжысуры Антона Макухі, знятая ў прасторы на Кастрычніцкай, 16; аўдыёчытка “Саманаводнага Бога” ў пастаноўцы Юры Дзівакова — перфарматыўная праца, якая ператварыла жорсткі тэкст у філасофскую метафару.

Гэта быў год, калі WriteBox гучна заявіў аб сабе як аб эксперыментальнай пляцоўцы.

Не аднойчы ад сябраў журы можна было пачуць: “Тэкст недасканалы, але яго немагчыма не адзначыць”. У 2019-м стала зразумела, што стандартны шорт-ліст не адлюстроўвае складанасці драматургічнага поля. Так з’явіўся Сезон куратарства: кожны сябра журы асабіста выбіраў п’есу і публічна тлумачыў свой выбар. Гэты фармат надаў фестывалю рэдкую ступень этычнай і мастацкай адказнасці і празрыстасці. Былі адзначаны 8 п’ес, сярод якіх “Крыніцы святла” Андрэя Іванова, “Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам” Алёны Іванюшанкі, “Блытаніна” Аляксея Макейчыка і інш.

2020 год стаў фінальным для конкурсу-фестывалю. П’ес прыйшло рэкордна шмат, конкурсная частка завяршылася паспяхова, у асноўны шорт-ліст увайшлі п’есы Марыі Бяльковіч “Мірныя людзі”, Аляксандра Савухі “Форт Баярышнік”, Колі Музычэнкі “У зварачным шлеме я падобны да робата” і інш. Але фестываль у афлайне правесці было немагчыма. Палітычны крызіс і пандэмія зрабілі працяг фармату нездзяйсняльным. Арганізатары спадзяваліся паставіць працу на паўзу, але свет змяніўся настолькі, што вярнуцца да мінулага фармату WriteBox ужо немагчыма. Фестываль трымаўся на горадзе, прасторы і жывой супольнасці — без гэтай “кропкі зборкі” ён перастане быць сабой.

Навошта быў патрэбен WriteBox – і чаму ён важны сёння

WriteBox за пяць гадоў зрабіў вельмі важныя крокі на шляху развіцця сучаснай беларускай драмы: стварыў архіў п’ес, па якім сёння можна вывучаць развіццё тэм, мовы і пакаленчага бачання рэальнасці; даў аўтарам адчуванне таго, што ў іх ёсць свая сцэна і свая супольнасць; адкрыў новыя імёны; прывёў у тэатр тэксты, якія пасля сталі спектаклямі; сфарміраваў культуру чыткі як паўнавартаснай формы прадстаўлення тэксту, што нясе спектакулярны патэнцыял; стаў месцам, дзе нараджаліся дыскусіі аб гендэры, гвалце, крызісе грамадства, постпамяці.

WriteBox сапраўды быў кропкай зборкі — месцам, дзе драматургія і тэатр дыхалі адным паветрам. Сёння гэты досвед застаецца важным сведчаннем таго, як ва ўмовах мінімальных рэсурсаў і максімальнай культурнай патрэбы можна стварыць асяроддзе, у якім нараджаецца новае пакаленне беларускай драматургіі.

Фестываль стаў жывой картай развіцця драматургіі 2016–2020 гадоў: ад мужчынскага дамінавання — да росту жаночых галасоў; ад класічных чытак — да пошуку эксперыментальных формаў; ад разрозненасці — да спробы стварыць агульны культурны цэнтр. WriteBox застанецца ў гісторыі беларускага тэатра тым месцам, дзе сучасная драматургія атрымала дом.


[1] “МаеСэнс” (MaeSens) — беларуская фандрайзінгавая платформа для сацыяльных праектаў. MaeSens падтрымалі адукацыйную праграму WriteBox, конкурсная і фестывальная часткі праводзіліся на дабравольнай аснове для ўсіх удзельнікаў і арганізатараў.